Беларусаў запрашаюць кіраваць інтэрнэтам
9 лістапада ў Мінску пройдзе чацвёрты Форум па кіраванні інтэрнэтам Belarus IGF. Арганізатары запрашаюць усіх, каму ёсць што сказаць пра развіццё інтэрнэт-сферы, прапанаваць тэмы выступаў і дыскусій. На іх падставе будзе фармавацца парадак дня і фінальная праграма.
Belarus IGF - гэта адзіная ў краіне адкрытая пляцоўка для абмеркавання ўсіх аспектаў развіцця інтэрнэту. Яна аб'ядноўвае як бізнес і тэхнічную супольнасць, так і прадстаўнікоў дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, некамерцыйных арганізацый, актывістаў і звычайных інтэрнэт-карыстальнікаў. Штогод IGF збірае больш за 400 удзельнікаў з усяго свету - ад краін СНД да Канады і Аўстраліі. Арганізатарам выступае кампанія hoster.by.
Глабальны Internet Governance Forum праводзіцца пад эгідай ААН з 2006 года. Беларускі IGF з'яўляецца адным з самых маштабных у рэгіёне. Кола тэм папярэдніх Форумаў было максімальна шырокім - ад кібербяспекі да грамадзянскіх ініцыятыў, і кожны год кольскасць тэм павялічваецца. Акрамя таго, Форум бясплатны і адкрыты для ўсіх жадаючых.
"IGF ў розных краінах заўсёды зя’ўляецца люстэркам, якое паказвае рэальны стан спраў не толькі ў інтэрнэт-галіне, але і грамадстве ў цэлым: яго гатоўнасць прапаноўваць, браць адказнасць, пераходзіць ад словаў да справаў, - кажа генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў . - Яшчэ тры-чатыры гады таму IGF ўспрымалі скептычна. Прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый ці, напрыклад, дзяржавы прыходзілася ўгаворваць прыняць у ім удзел, а бізнэс і інтэрнэт-карыстальнікаў - пераконваць, што забароненых тэм няма і рэальны дыялог магчымы. Сёння ж беларускі IGF прыводзяць як прыклад самага прадстаўнічага і адкрытага ў рэгіёне".
У праграме мінулага года быў зроблены акцэнт на лакальныя праблемы і большае ўзаемадзеянне паміж дзяржаўнымі ведамствамі, бізнесам і НКА. Рэкордная колькасць удзельнікаў сабралі секцыі, прысвечаныя грамадзянскай актыўнасці, кіраванні рэпутацыяй і лічбавай пісьменнасці. У гэтым годзе сфармаваць парадак дня зможа любы жадаючы, прапанаваўшы тэму дыскусіі на афіцыйным сайце Форуму.
Фінальная праграма будзе складзена пасля апрацоўкі прапанаваных тэм і з улікам агульнасусветных тэндэнцый, заяўленых на глабальным IGF. На апошнім Форуме ў Парыжы, дзе была прадстаўлена справаздача і ад Belarus IGF, асаблівая ўвага надавалася пытанням змены заканадаўства на нацыянальным узроўні, бяспекі, а таксама гендэрных пытаннях. Адным з найважнейшых фактараў развіцця інтэрнэту было названа ўзмацненне лакальных Форумаў, такіх як Belarus IGF.